22 красавіка 2020 г. — 150 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна (1870–1924), расійскага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча, дзеяча міжнароднага рабочага і камуністычнага руху
Дзейнасць У. І. Леніна, непасрэдна звязаная з Беларуссю, з’яўлялася часткай яго велізарнай, карпатлівай работы, падпарадкаванай адзінай задачы пабудовы сацыялістычнага грамадства. У яго працах больш за 400 выказванняў, тэлеграм, запісак і іншых дакументаў, якія датычаць Беларусі. Першае ўпамінанне беларускага рэгіёна (Гродзенская губерня) з’явілася ў рабоце «Объяснение закона о штрафах, взимаемых с рабочих на фабриках и заводах» (1895). Вялікае значэнне надаваў распаўсюджванню марксізму і развіццю пралетарскага руху ў Беларусі. Выданні У. І. Леніна паліцыя знаходзіла пры вобысках у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Полацку, Оршы і іншых гарадах і мястэчках.
6 лістапада 2018 г. — 60 гадоў з дня адкрыцця помніка Уладзіміру Ільічу Леніну (1870–1924) у г. Брэсце (1958)
Брэсцкія сацыял-дэмакраты пазнаёміліся з працамі У. І. Леніна (1870–1924) у канцы ХIХ ст. Уладзімір Ільіч 29 ліпеня 1900 года праязджаў праз г. Брэст-Літоўск (цяпер Брэст), калі накіроўваўся за мяжу, дзе наладжваў выданне газеты «Искра». У Брэст-Літоўску дзейнічала група ленінскай «Искры», у 1912–1914 гадах праўдзісцкая група збірала і пасылала сродкі ў фонд газеты «Правда», заснаванай У. І. Леніным. Брэст-Літоўск 30 разоў узгадваецца ў прамовах, дакладах, артыкулах і тэлеграмах У. І. Леніна ў сувязі з Брэсцкім мірам 1918 года.